Старонкі далекай мінуўшчыны...
З глыбінь стагоддзяў дайшлі да нас звесткі пра Юрацішкі. У ваколіцах Юрацішак знойдзены каменныя сякеры, нажы і іншыя рэчы. Гэтыя факты гавораць аб тым, што тут жылі людзі ў эпоху сярэдняга (мезаліту) каменнага веку, які існаваў 10 тысяч год таму. Паводле даследванняў археолага Звяругі Я.Г. непадалёк ад Юрацішак (урочышча Вайніліха) адзначаны шматтысячагадовы адзінокі курган.
Юрацішкі размешчаны вельмі выгадна – цэнтр на пясчаным пагорку, вакол было больш за 10 малых і вялікіх (да 1 км2) азёраў, якія існавалі да пачатку ХХ стагоддзя і былі праточнымі, жывілі вытокі ракі Чапунькі. Цяпер на іх месцы – балоты, парослыя хмызняком, а вакол іх бары і змешаныя лясы. Праз Юрацішкі праходзілі і цяпер існуюць старыя гасцінцы ў бок Ашмян, Вішнева, Бакштаў, Іўя, Навагрудка праз старыя Лаздуны ды Лугамавічы. А таму невыпадкова лёс ім наканаваў быць сведкамі і вынесці суровыя выпрабаванні і пакуты еўрапейскіх і нават сусветных трагедый: войнаў і паўстанняў, голаду і хваробаў, прымусаў і здзекаў.
Тапанім Юрацішкі мае яўна балцкае паходжанне ад літоўскага Jura (мора) і Juratas (русалачка). Русалачкі, згодна павер’ю літоўцаў і беларусаў, – міфічныя істоты з галавой і тулавам жанчын і рыб’ім хвастом, якія жылі ў азёрах. У навуковых крыніцах Юрацішкі вядомы напачатку XYI стагоддзя. У 1998г. даследчыкам удалося знайсці новыя факты з даўніны гэтага населенага пункта. У царкоўным вопісе, састаўленым у 1892г. гаворыцца: “Мікалаеўская царква ў Юрацішках заснавана ў 1532 годзе Віленскім ваяводам, канцлерам Вялікага княства Літоўскага Альбрэхтам Мартынавічам Гаштольдам. Будынак царквы драўляны…”
Пагоня. Герб Вялікага Княства Літоўскага | Герб Корсак |
1532 год з’яўляецца адначасова і годам заснавання Юрацішак, бо больш ранніх крыніц пра пасяленне не знойдзена. Безумоўна, храм будаваўся не на пустым месцы. Тут існавала вёска не малая, відаць, на шмат раней, як іншыя, яшчэ ў XIII – XY ст.
Хто ж такі Альбрэхт Гаштольд, упамянуты ў “Описи…” і чаму менавіта ён з’явіўся фундатарам Юрацішкаўскай царквы? Адзін з найстаражытнейшых магнатаў Вялікага княства Літоўскага слыннай беларускай дзяржавы, Альбрэхт Гаштольд (? – 1539гг.) з рэзідэнцыяй у Геранёнах на абшарах сучаснай Беларусі меў многа зямель, на якіх працавала больш 7 тыс. сялян, у ліку якіх былі і нашы прашчуры Юрацішкаўскай зямлі. Гэты чалавек атрымаў выдатную па тым часе заходнееўрапейскую ўніверсітэцкую адукацыю і займаў высокія пасады ваяводы Віленскага і канцлера ВКЛ. Меў тытул графа, першага на Іўеўскай зямлі. Быў мецэнатам навукі і культуры.
Постаць Альбрэхта Гаштольда надзвычай каларытная і прывабная: навучэнец і навуковец некалькіх еўрапейскіх універсітэтаў. Кіраваў войскам Вялікага княства Літоўскага ў многіх бітвах з крымчакамі і Масковіяй, прымаў удзел у стварэнні Статута (Канстытуцыі) Вялікага княства Літоўскага ў 1529г., ініцыятар стварэння “Хронікі Вялікага княства Літоўскага”, найбуйнейшы зямельны магнат краіны, у тым ліку і на Іўеўшчыне. Валодаў Геранёнамі, Трабамі, Юрацішкамі. На сваіх землях будаваў святыні (каменны касцёл у Геранёнах у 1529г., драўляны ў Юрацішках, у Трабах не захаваўся), за што насіў тытул “графа на мураваных Геранёнах”. У 1534 годзе адкрыў прыватную школу ў Трабах, а крыху раней у Геранёнах.
Статут ВКЛ |
Юрацішкаўскі касцёл пасля Брэсцкай уніі 1596 года стаў уніяцкім. Такім ён быў да 1839 года, калі перашоўшы на службу цару ўніяцкі епіскап Іосіф Семашка прапанаваў манарху Расійскай імперыі скасаваць уніяцкую царкву і ператварыць яе ў рускую праваслаўную. Мікалай І зрабіў гэта сваім указам ад 25 сакавіка 1839 года. Царква перараблялася да 1845 года.
Вядомы гісторык Г.Сагановіч у кнізе “Невядомая вайна” канстатуе, што ў жудасную вайну 1654 – 1667гг. Расіі з Рэччу Паспалітай Верхняе Панямонне падвяргалася знішчэнню. Юрацішкі, як іншыя пасяленні ўлетку 1655 года былі захоплены і спалены ўкраінскімі казакамі пад камандаваннем бязлітаснага гетмана Івана Залатарэнкі.
Не абмінуў лёс Юрацішаку час доўгай Паўночнай вайны 1700-1721 гг. З 1704г. на Беларусі, у прыватнасці ВКЛ, аказалася 60-тысячнае войска Расіі, якое цалкам утрымлівалася за кошт мясцовага насельніцтва, што выклікала вялікае незадавальненне сялян. Зімой і вясной 1706г. поўдзень і захад Беларусі захапілі войскі Швецыі. Яны разарылі і спалілі шмат населеных пунктаў. Такі лёс напаткаў і нашы Юрацішкі. Гвалт паўтарыўся ў 1708г., калі шведскі кароль Карл ХІІ начале 35-тысячнага войска зноў захапіў Грода, Ліду, Іўе, Юрацішкі. Ходзіць легенда, што ў спаленых Юрацішках застаўся адзін храм, у якім шведы ставілі сваіх коней. Ды Бог іх пакараў. Назаўтра шведскія ваякі падняліся сляпымі.
У час паўстання на Беларусі пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі ў нашых мясцінах праходзілі атрады трыццацігадовага генерала Якуба Ясінскага і генерала Стэфана Грабоўскага. 15 жніўня 1794 года яны паспяхова сутыкнуліся пад Іўем з атрадам царскіх войск маёра Дэметра, а затым знішчылі масты, наведзеныя расіянамі цераз Нёман.
З 1795 года Юрацішкі, як і ўся Беларусь, аказаліся ў складзе Расійскай імперыі, сталі цэнтрам аднаіменнай воласці Ашмянскага ўезду Віленскай губерніі. Да сярэдзіны ХІХ ст. у мястэчку ў 1880 годзе жыло 100 католікаў, 97 праваслаўных з 23 дварамі. Мястэчка было ва ўласнасці Копцеў (Капцэвічаў), вельмі буйных баярскіх родаў, а таксама Касцялоўскіх, затым – татар Радкевічаў. Жылі тут нашчадкі Корсакаў, прадстаўнікоў беларускай шляхты, якія займалі даволі высокія пасады.
З канца верасня 1915 года і да студзеня 1919 года Юрацішкі былі акупіраваны войскамі кайзераўскай Германіі і знаходзіліся за 12-15км. на захад ад лініі пазіцыйнага фронту. З самага пачатку акупацыі Юрацішкі былі выбраны для размяшчэння штаба нямецкай дывізіі.
Персанальны пашпарт жыхаркі пасёлка Юрацішкі Антаніны Станчыц. 1917г. |
У 2010 годзе мы адзначылі тры вельмі важныя юбілейныя даты ў гісторыі Юрацішак: 590 год з дня ўпамінання пасялення Юрацішкі, 70 год з дня (15 студзеня 1940г.) утварэння Юрацішскага раёна і 50 год гарадскога пасялковага савета (1960г.).
Як і для ўсёй Беларусі, вельмі драматычнымі былі для Юрацішак шматлікія войны. Асабліва вайна з Расіяй 1654 – 1667 гг., у якой загінула больш паловы беларускіх людзей. Вайна са шведамі напачатку XVIII ст., вайна з Напалеонам 1812 года таксама былі многаахвярнымі. Юрацішкі не аднойчы руйнаваліся і паліліся. А таму вельмі марудна аднаўляліся. Статус мястэчка яны набылі яшчэ ў 1574 годзе, а Іўе – толькі ў 1742 годзе. У XVII ст. мястэчкам валодалі вельмі ўплывовыя магнаты Няміры, затым – Копці, Касцялоўскія і Радкевічы.
Юрацішкі бачылі паўстанцаў Т. Касцюшкі 1794 года, а праз 70 год – паўстанаў К. Каліноўскага.
У 1862г. адкрыта народнае вучылішча. Пасля ліквідацыі ў 1839 годзе царом Мікалаем І грэка – каталіцкай (уніяцкай) царквы, да якой адносіліся і жыхары Юрацішак, адбыўся раскол сярод вернікаў (прыкладна 50 х 50). Палова перайшла ў рыма – католікаў, пратэстуючы супраць насілля над уніятамі. Другая палова вернікаў прыняла праваслаўе маскоўскага фармату. Для іх замест зруйнавага уніяцкага касцёла да 1845 года была ўзведзена царква, якую ў гонар цара Расіі назвалі Свята-Мікалаеўскай, а пры ўваходзе ў яе справа ўстанавілі царскі бюст з драгацэннага металу, які з прыходам немцаў восенню 1915 года пад час Першай сусветнай вайны быў зняты і вывезены ў Германію. А католікі засталіся без касцёла і без свайго прыхода ў Юрацішках. Іх парафія была адноўлена толкі ў 1932 годзе, а драўляны касцёл ўзвялі толькі ў 1937 годзе з фундацыі мясцовай пані Веранікі Радкевіч (1870 - 1937).
У сярэдзіне XIX ст. Юрацішкі сталі цэнтрам аднайменнай воласці Ашмянскага ўезда Віленскай губерніі Расійскай імперыі. У часе знакамітага паўстання Іўеўскіх сялян 1861г. графіні Замойскай сяляне Юрацішак іх актыўна падтрымалі. У маёнтку паноў Радкевічаў працавалі 64 рэвізскія (мужчынскія) душы, якія жылі ў 10 дварах. Па першай перапісі насельніцтва Расійскай дзяржавы 1897 года налічвалася ў мястэчку Юрацішкі 311 жыхароў у 41 двары, якія купна размяшчаліся вакол царквы і яе плошчы. Была крама і два піцейныя дамы. У народным вучылішчы знаходзілася 74 вучні. Сяляне – местачкоўцы мелі 160 дзесяцін зямлі, а пан Радкевіч – 450 дзесяцін з вялікім лясным масівам. Дарэчы, мясцовая царква таксама мела вялікі лес.
З верасня 1915 года па люты 1918 года ў вялікім доме пана Радкевіча размяшчаўся штаб нямецкай дывізіі на чале з генералам. У царкве – штабны шпіталь, пазней перанесены ў вёску Савічы. Сваё знаходжанне ў Юрацішках захопнікі пакінулі памяць – каменны помнік, які стаіць і цяпер.
Памятны камень штаба 85-га нямецкага пахотнага дывізіёна часоў 1-ай сусветнай вайны |
Ад чыгуначнай станцыі Юрацішкі (вакзал адкрыты ў 1907 годзе) мясцовыя жыхары разам з нямецкімі салдатамі пабудавалі некалькі рэйкавых дарог да фронта паравознай і коннай цягі. Нямецкія войскі пакінулі Юрацішкі толькі напачатку 1919 года, а ў лютым іх замянілі легіянеры Ю. Пілсудскага. З 25 ліпеня па кастрычнік 1920 года ў Юрацішках дзейнічаў савецкі рэвалюцыйны валасны камітэт на чале з І. Барысевічам. З кастрычніка 1920 года па 18 верасня 1939 год Юрацішкі былі ў складзе Польшчы. Цэнтр гміны (войт Ю. Пілецкі, сасланы ў 1940г. у Архангельскі ГУЛаг) Валожынскага павета Навагрудскага ваяводства.
Дзякуючы вялікім намаганням вуйта Юзэфа Пілецкага ў 30 – ыя гады ХХ ст. у Юрацішках былі пабудаваны двухпавярховы будынак (драўляны) сямігадовай школы (спалены 23 чэрвеня 1941 года нямецкай авіяцыяй), прыгожы з калонамі адміністрацыйны будынак гміны (спалены ў 1944 годзе), касцёл Святога Перамення (знішчаны ў 1955 годзе). На гэтым месцы вернікі паставілі крыж у 1992 годзе, калі была адноўлена каталіцкая парафія.
Як вядома, у пачатку Другой Сусветнай вайны 1 верасня 1939 года нападам гітлераўскай Германіі на Польшчу, па загаду Сталіна Чырвоная Армія раніцай 17 верасня 1939года перайшла польска – савецкую мяжу і накіравалася на захад. Яе перадавыя мабільныя (танкі, кавалерыя) аддзелы пад началам камкора І. В. Болдзіна ў палудзень 18 верасня былі ўжо ў Юрацішках. А з наступнага дня пачаў працаваць часовы Валасны камітэт, які ўзначаліў жыхар вёскі Ляпешкі Гурын Сафрон Ільіч, абраны ў кастрычніку ад Юрацішкай акругі дэпутатам у Народны сход Заходняй Беларусі, які 28 – 29 кастрычніка 1939 года аб’явіў у Заходняй Беларусі савецкую ўладу і прасіў яе ўключыць у склад БССР і СССР. У лістападзе просьба была задаволена. У Юрацішках у той час было 400 жыхароў.
15 студзеня 1940г. Юрацішкі сталі цэнтрам Юрацішскага раёна, які складаўся з 16 сельсаветаў з насельніцтвам у 36 тыс. чалавек і плошчай 1040 км. кв. У амаль 200 населеных пунктах пражывала 60 % беларусаў і 30 % палякаў, астатнія – яўрэі. Райвыканкам узначаліў Будзько Сцяпан, райвыканкам партыі Іван Асмалўскі, райвыканкам камсамола – Заўялаў. Усё кіраўніцтва было прыслана з усходу. Раён уваходзіў у склад Баранавіцкай вобласці і меў самую высокую лясістасць (каля 50 %). У 1940 – 1941 гг. ў Юрацішках адкрыты промкамбінат, бібліятэка, амбулаторыя, пошта (нач. М. Васюкевіч), сепаратарны пункт, сямігадовая школа з беларускай мовай выкладання (з 1947 г. - сярэдняя), створана міліцыя (начальнік І. Гурын). Першым участковым міліцыянерам Юрацішак быў Кулеш А. У студзені 1940 г. у вёсцы Няхведкі створаны з 27 прыватных гаспадарак першы ў раёне калгас “Перамога”, старшынёй якога абраны 33 – гадовы Мікалай Клінцавіч, расстраляны гітлераўцам 2 ліпеня 1941 года. Функцыі брыгадзіра – рахункавода выконвала маладзенькая Вера Аляксандраўна Казановіч (у дзявоцтве Барысевіч). 10 лютага 1940 года са станцыі Юрацішкі ў 35С° мароз з грузавых вагонаў, набітых дэпартаванымі без віны жыхарамі раёна, адправіўся ва ўсходнія рэгіёны СССР многапакутны чыгуначны эшалон.
Дзесьці 27 – 28 чэрвеня 1941г. у Юрацішкі прыйшла нямецка – фашысцкая акупацыя. А перад тым тут вялі абарончыя баі (з 25 па 27 чэрвеня) войскі 24 дывізіі генерала М. Галіцкага. У Юрацішках 25 чэрвеня быў надрукаваны першы ваенны нумар дывізійнай газеты “Чырвонаармеец”.
Усю паўнату ваенна – адміністрацыйнай акупацыйнай нямецкай улады ў Юрацішках і іх памежжы выконваў тоўсты пажылы нямецкі лёйтман (кіраўнік і начальнік), які вельмі любіў шнапс (гарэлку) і кураціну, а таму з кучарам у брычцы часта наведваў вёскі, калі не было яшчэ партызанаў спачатку ў Юрацішках быў невялікі нямецка – паліцэйскі гарнізон (30 – 50 чалавек), але памеры росту партызанскага руху расшырыўся і гарнізон карнікаў. Юрацішкі былі важным стратэгічным пунктам і мелі добрыя ўмацаванні: абнесены калючым дротам, многімі траншэямі, бункерамі, дотамі, дзотамі, дзярнова – зямельнымі валамі.
Напачатку 1944 года немцы прыслалі ў Юрацішкі касцяк остмусульманскага палка (туркмены, узбекі – былыя савецкія салдаты – здраднікі) – батальён у складзе 600 чалавек (камандзір Джумала Асанжалаў). Іх мясцовыя жыхары называлі “чорныя”. Яны лютавалі. Вось толькі адзін прыклад: на ўсходзе сонца 17 мая 1944 года ў вёску Крычнікі ўварваліся “чорныя” і ўчынілі масавыя гвалтоўкі жанчын без разбору ўзросту. Многіх схапілі. Павялі ў Юрацішк, дзе знаходзіўся канцэнтрацыйны лагер (да вечара ў ім было больш за 1000 чалавек з дзецьмі і старымі). Гарэлі Такарышкі, Гердушкі, Эйгерды, Кірвелі, Матыкоўшчына, Верашчакі, Куправічы.. У Юрацішках была закатавана разведчыца брыгады “Няўлоўныя” Ганна Суворава (Кумідор), расстраляны многія дзесяткі мірных грамадзян, а маладых адправілі ў Германію на катаржныя работы. Некаторым Бог памог выратавацца з Юрацішкаўскага лагера. Акупанты перад тым, як ратаваць свае душы, 4 ліпеня 1944 года ў полі каля в. Косці загубілі каля 30 чалавек (расстралялі, а трупы, у тым ліку дзіцячыя, спалілі). Ушанавана іх памяць адкрыццём помніка ў 1967 годзе ў цэнтры в. Косці. Загінулі ў асноўным жыхары вёскі Матыкоўшчына.
7 ліпеня 1944 г. у Юрацішкі (каля 10 гадзін дня) уварваўся першы эскадрон 28 кавалерыйскага палка (эскадронам камандаваў герой Савецкага Саюза Я. Няўлюеў) 6 гвардзейскай дывізіі кавалерыстаў, якой камандаваў генерал П. Брыкель.
Ад вайны ў Юрацішках уцалелі (не былі спаленымі) менш 20 хацін. Толькі ў брацкай магіле Юрацішак пакояцца больш 80 воінаў і партызанаў, сярод якіх больш 50 безымянных. Адраджаўся райцэнтр даволі хутка. Ужо ў 1946 годзе быў узведзены драўляны будынак райвыканкама і райкама КПБ, запрацаваў райпрамкамбінат і райбаткамбінат (ён у 1956 г. пасяліўся ў цагляным двухпавярховым будынку). Адноўлена амбулаторыя ў 1947 годзе. (вуліца Камсамольская). У верасні 1949 г. вучні селі за парты ў новым драўляным двухпавярховым тыпавым будынку сярэдняй школы. У снежні 1951 г. у новым тыпавым будынку стала працаваць райбальніца, якую тады ўзначальваў таленавіты хірург Разніцкі Міхаіл, будучы доктар медыцынскіх навук, прафесар.
Асабліва хутка адбудоўваліся Юрацішкі ў 50-ыя гады. З быўшых даваенных 3-х вуліц (Трабскай, Іўеўскай і 3 мая), а цяпер яны называецца Савецкая, Камсамольская і Першамайская. Сфарміраваліся новыя вуліцы: Кастрычніцкая, імя Марозава, 17 верасня, Спартўная, Прамысловая, Камунальная, 40 год ЛКСМ, а таксама перавулкі – Рабочы, Спартыўны, Савецкі і Калгасны. Пабудаваны 3 двухпавярховыя жылыя дамы (цагляныя) і 2 драўляныя па Савецкай вуліцы. Стала працаваць з 1956 года тыповая лазня і раённы Дом культуры, а таксама дом бібліятэкі (першай прафесіянальнай загадчыцай была ў 1952 годзе Ганна Тулько) і дом райгазеты “Новае жыццё”( рэдактар С. Грэйнер). Гароднінасушыліны завод будаваўся ў 1954-1957 гадах і першую прадукцыю (сушаную бульбу) выдаў у красавіку 1957 года (першы дырэктар Г. Мануйлаў). З 1955 года стала працаваць раённая хлебапякарня ў тыпавым будынку.
У 1957-1958 гадах падрыхтаваны пад запасны аэрадром размерам 3, 5 км х 700 м. 23 снежня 1957 года Юрацішкі набылі статус пасёлка гарадскога тыпу. Тады ў Юрацішках налічвалася каля 2000 чалавек.
Юрацішкі насілі тытул райцэнтра 20 гадоў і 20 студзеня 1960 года раён быў скасаваны. Яго тэрыторыя (7 сельсаветаў), 10 калгасаў, 2 саўгасы, 2 рамонтна-тэхнічныя станцыі (РТС), 4 бальніцы, 12 дамоў культуры, 8 сярэдніх, 17 сямігадовых і 32 пачатковыя школы далучаны да Іўеўскага раёна (ён у той час меў плошчу крыху больш 800 км?) Гродзенскай вобласці. Фактычна з 1960 года былы Юрацішкі сельскі савет (да яго 16 ліпеня 1954 г. далучана тэрыторыя былога Макуцкага с/с) стаў горпасялковым з 45 населенымі пунктамі, 8 з якіх зніклі да нашага часу. Цяпер у пасялковым савеце 37 населеных пунктаў з насельніцтвам у 3190 чалавек (на 01. 01. 2010 г.). На базе Юрацішскай бальніцы з 1960 па 1975 г. працавала знакамітая на ўсю Беларусь медвучылішча. Са жніўня 1964 г. запрацавала не менш знакамітая Юрацішская аўтабаза № 15 (дырэктар Мікша Яўген Фрацішкавіч і галоўны інжынер Алясюк Уладзімір Уладзіміравіч), якая ў 1968 – 1970 гг. занімала ў Беларусі першае, другое і трэцяе месцы. У 1969-1970 гг. пабудавана прадпрыемства Іўеўскага лясгаса – дрэваапрацоўчы цэх (доўгі час яго ўзначальваў добры арганізатар і цудоўны чалавек Іода Міхаіл). Да канца 60-х – пачатку 70-х гадоў насельніцтва перавышала 2400 чалавек (у 1999 г. у 648 дварах жыло 1790 чалавек). З 1960-х гадоў і да нашага часу, хоць і значна зменшылася насельніцтва, колькасць вуліц і перавулкаў узрасла да 29.